ПРЭЦЫЁЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА (ад франц. précieux вытанчаны, каштоўны),

адна з 2 асн. школ франц. барока 17 ст. (разам з ліберцінажам), роднасная італьян. марынізму і ісп. гангарызму. Узнікла ў свецкіх салонах, першы і найб. вядомы з іх атэль маркізы дэ Рамбуе ў Парыжы (1630—48). П.л. звязана з прэцыёзнасцю — культ. і грамадскім рухам франц. арыстакратыі, для якога характэрна разам з вытанчанасцю думак, мовы, паводзін, арыстакратычным густам, кодэксам гонару імкненне да жаночай эмансіпацыі, абароны маст. фантазіі перад націскам рацыяналістычнага «здаровага сэнсу». Паэты-прэцыёзнікі (В.Вуацюр, І. дэ Бенсерад і інш.) звярталіся ў асн. да малых літ. форм (санет, стансы, рандо, рандэль, трыялет). Асн. жанрам П.л. быў галантна-гераічны і пастаральны (букалічны) раман (А. д’Юрфе, М. дэ Скюдэры і інш.). П.л. значна паўплывала на развіццё еўрап. рамана 18—20 ст.

Літ.:

Потемкина Л.Я. Пути развития французского романа в XVII в. Днепропетровск, 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)